У лютым 2023 года старшы выкладчык кафедры раманскага мовазнаўства Ніна Цыбульская, рэалізуючы практыка-арыентаваную мадэль музейна-педагагічных заняткаў паводле плана мерапрыемстваў філалагічнага факультэта па правядзенні Года міру і стварэння, арганізавала цыкл заняткаў па французскай мове на базе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, які з'яўляецца найбуйнейшым фондавым і экспазіцыйным сховішчам прадметаў мастацтва ў нашай краіне.
Прадстаўленая мадэль грунтуецца на наступных прынцыпах: полікультурнасць, міждысцыплінарнасць (сувязь з гісторыяй), кагнітыўнасць (развіццё пазнавальных інтарэсаў, фарміраванне творчага мыслення), супастаўленне культур, нагляднасць.
Заняткі былі арганізаваны для студэнтаў спецыяльнасці "Рамана-германская філалогія" ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай 3 курса па тэмах: "Заходне-еўрапейскі жывапіс. Жывапіс Францыі", "Беларускія мастакі Парыжскай школы. Марк Шагал".
Для правядзення заняткаў была запрошана Пракоп’ева С.І., загадчык аддзела Заходне-еўрапейскага мастацтва, кандыдат мастацтвазнаўства. На пачатковым этапе студэнты азнаёміліся з новай лексікай, значэнне якой супрацоўнік музея тлумачыць падчас экскурсіі (кампазіцыя, перспектыва, выбар колеру). Другая частка заняткаў прайшла на французскай мове: студэнты працавалі з аўтэнтычным тэкстам, выканалі інструкцыі, накіраваныя на развіццё ўсіх відаў камунікатыўнай дзейнасці (падстановачныя, трансфармацыйныя, маўленчыя).
Далей студэнтам было прапанавана выбраць карціну і падрыхтаваць яе апісанне на французскай мове (звесткі пра мастака, характарыстыка эпохі, сюжэт, апісанне карціны, асабістае ўражанне і абгрунтаванне выбару карціны), пасля чаго адбылася дыскусія, абмен меркаваннямі. Пасля студэнты выступілі ў ролі экскурсавода.
Па выніках заняткаў была арганізавана рэфлексія.
Студэнты, якія паспяхова справіліся з заданнем і выказалі цікавасць да дадзенай тэмы, атрымалі ўнікальную магчымасць прайсці перакладчыцкую практыку ў музеі.