Сэрвісы

Творчы вопыт у жанры "вопытаў"

Творчы вопыт у жанры "вопытаў"

На спецыяльнасці “Рамана-германская філалогія” (2 курс) 28 лютага 2023 г., у знамянальны для гэтага дзень 490-годдзя заснавальніка і класіка жанравай формы эсэ – Мішэля дэ Мантэня, адбыўся творчы конкурс-прэзентацыя “Нашы вопыты ў жанры «вопытаў»”. Студэнты маглі актуалізаваць веды аб тым, якімі рысамі свайго твора (у прыватнасці, яго адвольнай, свабоднай кампазіцыяй, разнастайнасцю з'яў інтэксту і інш.) удалося Мантэню здзівіць сваіх сучаснікаў. Абагульняліся ўяўленні аб магчымых рысах эсэістычнага жанру: асобаснай афарбоўцы, суб'ектыўнасці і нязмушанасці, спавядальнасці, рэфлексіўнасці і пераканаўчасці, свабоднай, нярэдка асацыятыўнай кампазіцыі, даверлівасці і кантактнасці, парадаксальнасці і ім падобных.

Была паказана актуальная магчымасць увасаблення сэнсавага і стылістычнага патэнцыялу жанравай формы, аналагічнай эсэ, не толькі ў пісьмовым выкладзе, але і ў фармаце вуснага рытарычнага выказвання: напрыклад, у выглядзе публіцыстычных ці літаратурных роздумаў. Прыцягваўся і вопыт айчыннай літаратуры, да прыкладу, лірычных мініяцюр і эсэ Янкі Брыля, адлюстраваных у зборніках "Жменя сонечных промняў", "Сёння і памяць", "Пішу як жыву", "Вячэрняе", "Парастак" і інш. (Гэтаму адпавядала і само правядзенне пачатку мерапрыемства ў сценах навучальнай аўдыторыі інавацыйнага навучання "Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі".)

Характарызаваўся шырокі спектр магчымых і перспектыўных тэм для творчасці ў жанравай форме роздумаў: сацыяльна значных, маральна-этычных, логіка-філасофскіх, прафесійных і навучальна-адукацыйных. Прапаноўваўся багаты, варыятыўны дыяпазон адпаведных тэм для ўласнай маўленчай творчасці. Можна было таксама абраць ініцыятыўную тэму альбо мадэль каманднай ці парнай працы.

Прывядзем прыклад “пробы пяра” – імправізаванага маўленчага фрагмента, міні-эсэ Надзеі Тарасевіч:

“Ці магчыма спазнаць наш свет?

Напэўна, кожны з нас задаваўся такім пытаннем хаця б аднойчы. Існуе велізарная колькасць разумных кніг, вучоных прац. Кожная эпоха нясе ў сабе новыя важныя імёны і адкрыцці. Здавалася б, вельмі шмат ужо вывучана "ўздоўж і ўпоперак". Але ж ці сапраўды гэта так?

Цяпер будзе дарэчным звярнуцца да слоў Альберта Эйнштэйна: “Навука не з'яўляецца і ніколі не будзе з'яўляцца скончанай кнігай. Кожны важны поспех прыносіць новыя пытанні…” Гэтыя словы цалкам супадаюць з маім асабістым меркаваннем. Наш свет – гэта непазнаны акіян, гэта бяздонная скарбніца ведаў. Чым больш мы cпазнаём гэты свет, тым больш узнікае ўсё новых пытанняў. Як казаў легендарны Сакрат: "Я ведаю толькі тое, што нічога не ведаю". Бо чым больш мы спасцігаем наш свет, тым ясней усведамляем, наколькі ён складаны і непрадказальны.

Але ўсё гэта ні ў якім разе не павінна пераконваць нас у тым, што няма ніякага сэнсу штосьці вывучаць. Наадварот! Гэта свайго роду бясконцы рух наперад – "вечны рух" на шляху пазнання. Бо менавіта тым і прыцягальна, чароўна цудоўны навакольны свет, што кожная новая загадка і таямніца цягне за сабой яшчэ вялікае мноства іншых загадак і таямніц, а шлях спазнання і ўдасканалення чалавека і свету прыносіць нам сапраўднае шчасце”.

Для канцэптуальнага адлюстравання і візуалізацыі ідэй, якія ўзнікаюць i развiваюцца ў выказваннi, выкарыстоўваліся элементы майндмэпінга – складання дыяграм логіка-асацыятыўных сувязяў. Тым самым удасканальваліся ўменні, паводле выразу Аляксандра Блока, "расцягваць покрыва" тэксту на вострых промнях некалькіх ключавых слоў або зваротаў-"зорак".

У правядзенні мерапрыемства прымала ўдзел кафедра рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры.

Фото 1

Фото 2

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.