Дыялог са старшакласнікамі пра прафесію “філолаг”

Больш за 70 сталічных школьнікаў наведалі 12 мая філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Навучэнцы пазнаёміліся са спецыяльнасцямі, якія можна атрымаць на гэтым факультэце, пагаварылі з дэканам і выкладчыкамі факультэта. 

Сустрэча была арганізавана дыялогавай пляцоўкай САМІ Крэатыўна-інавацыйнага цэнтра Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі і кафедрай рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры. Адмысловую ўключанасць, атмасферу цяпла і супрацоўніцтва ствараў той факт, што сваіх вучняў запрасілі настаўнікі-філолагі, выпускнікі філфака БДУ розных гадоў, а да іх далучыліся і калегі. На філфак БДУ прыехалі навучэнцы СШ № 10, 129, 153, 217, гімназій № 20, 56, Лугаваслабадской сярэдняй школы, Ліцэя БДУ, Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа.

Гасцей сустрэў дэкан філалагічнага факультэта Сяргей Аляксандравіч Важнік. Прадстаўнічыя зносіны працягнуліся з загадчыкам кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Таццянай Уладзіміраўнай Рубанік і прафесарам кафедры Вольгай Уладзіміраўнай Праскаловіч.

Нечаканым, але пры гэтым вельмі карысным паваротам мерапрыемства аказаўся адказ дэкана філфака на пытанне гасцей пра асаблівыя прадметы на факультэце. Навучэнцы сталі ўдзельнікамі міні-лекцый па сучасным сінтаксісе і агульным мовазнаўстве, якія паказалі, што філалогія ніколькі не саступае матэматычным дысцыплінам у навуковым падыходзе, глыбіні даследаванняў.

Школьнікі працягнулі атрымліваць карысныя парады па пераадоленні страху публічнага выступлення ад дацэнта Таццяны Уладзіміраўны Рубанік, а таксама даведаліся аб правілах паспяховага выступлення (майстар-клас дацэнта Саніковіч Ірыны Міхайлаўны).

Прыцягнула ўвагу школьнікаў і іх настаўнікаў выстава вучэбна-метадычнага суправаджэння працэсу навучання філалагічным дысцыплінам ва ўстановах агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі (аўтарства супрацоўнікаў кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры). Як аказалася, шматлікія вядомыя па школе падручнікі і дапаможнікі створаны выкладчыкамі, якія на гэтай прафарыентацыйнай сустрэчы падзяляліся сваімі ведамі з вучнямі.

Завяршылася сустрэча экскурсіяй па факультэце ў суправаджэнні выкладчыкаў. Госці наведалі кабінеты "Народныя пісьменнікі і паэты Беларусі" і "Грэчаская філалогія", а таксама атрымалі кампетэнтныя адказы на мноства пытанняў аб паступленні і пра арганізацыю навучання на філалагічным факультэце. Госці філалагічнага факультэта не спяшаліся разыходзіцца, усё больш пазнаючы, чым жыве факультэт і, вядома, не маглі мінуць Францыска Скарыны, не сфатаграфаваўшыся.

25 мая адзначаецца Дзень філолага. Магчыма, у хуткім часе сваім прафесійным днём яго стануць лічыць і школьнікі, якія адчулі на сабе гасціннасць і адкрытасць філалагічнага факультэта БДУ.

Fil 2

Fil 6

vmeste