Філолаг: што гэта за прафесія? Дыялог з абітурыентамі

Ужо стала добрай традыцыяй напярэдадні Дня філолага (25 мая) сустракацца з будучымі абітурыентамі.

18 мая 2022 г. філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта наведалі адзінаццацікласнікі сталічнай школы № 47.

Сустрэча была арганізавана прафесарам кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Вольгай Уладзіміраўнай Праскаловіч у рамках заключных заняткаў па вучэбнай дысцыпліне “Рыторыка прафесійнага дыялогу”.

Адмысловую ўключанасць, атмасферу цяпла і супрацоўніцтва ствараў той факт, што сваіх вучняў запрасіў настаўнік беларускай мовы і літаратуры СШ № 47 г. Мінска Данііл Сяргеевіч Карабан, сённяшні выпускнік філфака БДУ (ужо працаўладкаваны ў якасці рэдактара галоўнай дырэкцыі падрыхтоўкі тэлепраграм, вядучы праекта “Пін-Код” на тэлеканале Беларусь 2).

Навучэнцы пазнаёміліся са спецыяльнасцямі, якія можна атрымаць на філалагічным факультэце БДУ, пагаварылі з загадчыкам кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Андрэем Аляксандравічам Акушэвічам, дацэнтамі Таццянай Уладзіміраўнай Рубанік, Ірынай Мікалаеўнай Саматыяй, Валянцінай Юльянаўнай Дылеўскай.

Прыцягнула ўвагу адзінаццацікласнікаў і ўсіх прысутных выстава вучэбна-метадычнага забеспячэння працэсу навучання філалагічным дысцыплінам ва ўстановах агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі (аўтарства супрацоўнікаў кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры). Як аказалася, шматлікія вядомыя па школе падручнікі і дапаможнікі створаны выкладчыкамі, якія на гэтай прафарыентацыйнай сустрэчы падзяляліся сваімі ўражаннямі пра прафесію філолаг з абітурыентамі.

Студэнты 3 курса спецыяльнасці “Руская філалогія” (спецыялізацыя “Дзелавая камунікацыя”) разам з выкладчыкам Вольгай Уладзіміраўнай Праскаловіч пазнаёмілі ўсіх прысутных з відэавізіткай профільнай вучэбнай дысцыпліны “Рыторыка прафесійнага дыялогу”.

Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ, спікінг-коўч, арганізатар адукацыйных стартап-мерапрыемстваў, рэдактар інтэрнэт-парталаў, аўтар курсаў аратарскага майстэрства Іна Аляксандраўна Хазеева распавяла пра тое, чым займаецца філолаг, якімі якасцямі павінен валодаць спецыяліст у гэтай галіне і якія перспектывы ў выпускнікоў філфака. 

Абітурыенты атрымалі кампетэнтныя адказы на мноства пытанняў аб паступленні і пра арганізацыю навучання на філалагічным факультэце. Завяршылася сустрэча экскурсіяй па факультэце ў суправаджэнні выкладчыкаў. Госці філфака не спяшаліся разыходзіцца, стараліся даведацца, чым жыве факультэт, і, вядома, не прайшлі міма Францыска Скарыны, не сфатаграфаваўшыся.

IMG 2661

IMG 2687

IMG 2735

IMG 2785