9 лістапада 2022 года ў сценах філалагічнага факультэта прайшло ўрачыстае адкрыццё выставы «Лаціна- і грэкамоўныя надпісы ў храмавай культуры Беларусі», арганізаванай студэнтамі спецыяльнасці «Класічная філалогія» ў рамках конкурсу на найлепшы моладзевы праект БДУ. Мэтай праекта з’яўляюцца ўводзіны ў навуковы і грамадскі дыскурс невывучанай лаціна- і грэкамоўнай эпіграфічнай спадчыны беларускіх земляў, сабранай удзельнікамі праекта ў храмах, манастырах, музеях рэлігіі.
Студэнты спецыяльнасці «Класічная філалогія» Уладзімір Грыцэвіч, Піліп Аслюк, Мацвей Драгун, Кацярына Гапеева, Кацярына Зарэцкая і Павел Саўрыцкі на працягу года збіралі матэрыялы ў храмах і музеях усёй краіны, класіфікавалі і перакладалі надпісы, а таксама давалі іх навуковае апісанне. Экспазіцыя складаецца з сямі стэндаў з фатаграфіямі надпісаў, указаннем храмаў і крыніц біблейскіх цытат.
Выставу адкрыў дэкан філалагічнага факультэта Сяргей Аляксандравіч Важнік, які ў сваёй прамове падкрэсліў, што беларускія землі заўсёды знаходзіліся на скрыжаванні Slavia Orthodoxa і Slavia Latina, таму мы маем багацейшую спадчыну інскрыпцый на абедзвюх класічных мовах.
Ганаровы госць прарэктар Мінскай духоўнай акадэміі іерэй Віктар Віктаравіч Кулага звярнуў увагу на тое, што праект мае велізарнае значэнне для духоўных навучальных устаноў, бо ў іх старажытныя мовы з’яўляюцца неад’емнай часткай паўсядзённага жыцця.
Загадчык кафедры біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла Юрый Юр’евіч Афанасенка выказаў надзею на далейшае супрацоўніцтва з кафедрай класічнай філалогіі ў сферы перакладаў хрысціянскіх тэкстаў з класічных моў.
Намеснік начальніка ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДУ Дзмітрый Васільевіч Лебедзь пажадаў праектнай камандзе поспехаў у выставачнай дзейнасці.
Кіраўнік праекта, студэнт другога курса спецыяльнасці «Класічная філалогія», іерэй Уладзімір Грыцэвіч, трэці святар храма Святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца (г. Баранавічы), растлумачыў важнасць праекта так: «Калі мы сустракаемся з незразумелымі для нас надпісамі, вельмі часта ўзнікае дысананс, таму што чалавек не можа прачытаць, не можа іх зразумець. А калі мы маем ужо гатовы матэрыял, які прачытаны, які мае пераклад, чалавек можа лепш зразумець гісторыю гэтага месца».
Фармат выставы мабільны, на працягу тыдня экспазіцыя будзе знаходзіцца на філалагічным факультэце, а пасля адправіцца ў іншыя ўніверсітэты сталіцы і рэгіёны.