15 кастрычніка 2021 года на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося пасяджэнне круглага стала «Каму і навошта патрэбна філалагічная фалькларыстыка? (станаўленне фалькларыстычнай школы БДУ)», прысвечанага 100-годдзю БДУ.
Арганізатарамі выступілі кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства і вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору. Прайшло мерапрыемства на базе залы інфармацыйных рэсурсаў аддзела абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў БДУ.
У працы кругалага стала ўзялі ўдзел выкладчыкі і студэнты філалагічнага факультэта БДУ, замежныя магістранты спецыяльнасці «Літаратуразнаўства», аспіранты Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Пачалося мерапрыемства са знаёмства з кніжнай выставай «Фалькларыстычная школа БДУ», падрыхтаванай супрацоўнікамі залы інфармацыйных рэсурсаў аддзела абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў БДУ. Прадставіла кніжныя выданні загадчык аддзела Жанна Сцяпанаўна Карповіч. Яна адзначыла, што сваё фарміраванне фалькларыстычная школа БДУ пачала з 50-х гадоў мінулага стагоддзя з дзейнасці выдатных выкладчыкаў Льва Рыгоравіча Барага, Івана Васільевіча Гутарава, Ніла Сымонавіча Гілевіча, Веры Анісімаўны Захаравай, пазней – Васіля Дзмітрыевіча Ліцьвінкі, якія распачалі збор і выданне фальклорных матэрыялаў, заклалі асновы вялікага архіва. Далейшае сваё развіццё школа атрымала з адкрыццём на філалагічным факультэце кафедры тэорыі літаратуры пад кіраўніцтвам прафесара Вячаслава Пятровіча Рагойшы, які аб’яднаў пад сваім крылом усіх фалькларыстаў-філолагаў факультэта. Ідэйным натхняльнікам развіцця фалькларыстычнай працы на кафедры стала вучаніца Веры Анісімаўны Захаравай дацэнт Рыма Мадэстаўна Кавалёва, пад кіраўніцтвам якой з 1994 года і па сённяшні дзень ладзіліся ўсе мерапрыемствы, рапрацоўваліся навуковыя праекты, выдаваліся дапаможнікі і навуковыя зборнікі, былі абаронены кандыдацкія дасертацыі (В. В. Прыемка, Т. А. Марозавай, Т. В. Лук’янавай, С. В. Шамякінай). Дзякуючы сумеснай працы Настаўніка і яе вучаніц, традыцыі фалькларыстычнай школы, закладзеныя пачынальнікамі, працягнуліся, з’явіліся новыя напрамкі навуковай, вучэбна-метадычнай і выхаваўчай дзейнасці.
З праблемным дакладам «Каму і навошта патрэбна філалагічная фалькларыстыка?» выступіла кандыдат філалагічных навук, дацэнт Рыма Мадэстаўна Кавалёва. Яна адзначыла велізарны ўнёсак філолагаў-фалькларыстаў у справу захавання і даследавання фальклору, а таксама падняла важныя пытанні тэрміналогіі. У прыватнасці, закранула праблему падмены паняццяў «фальклор» і «нематэрыяльная культура».
Пасля асноўнага даклада адбылася дыскусія. Для абмеркавання былі прапанаваны наступныя праблемныя пытанні:
- Суадносіны паняццяў «фальклор», «вусная народная творчасць», «нематэрыяльная культурная спадчына».
- Ці магчымы міждысцыплінарныя даследаванні без філалагічнай фалькларыстыкі?
- Ці дастаткова прадстаўлена філалагічная фалькларыстыка на старонках сучасных кніжных выданняў?
- Філалагічная фалькларыстыка ў адукацыйным працэсе ВНУ.
Вынікам круглага стала стала асэнсаванне традыцый і новых тэндэнцый у галіне фалькларыстыкі, абмеркаванне актуальных праблем сучаснай філалагічнай фалькларыстыкі, абмен навуковым вопытам.