Святам навукі і студэнцкай творчасці на філалагічным факультэце БДУ стаў прафарыентацыйны праект па папулярызацыі спецыяльнасці "Славянская філалогія" "Зімовы фестываль славянскіх моў". 14.12.24. у аўдыторыі 304 яблыку не было дзе ўпасці. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі школьнікі ДУА г. Мінска: вучні гімназіі № 1 ім. Ф. Скарыны (суправаджальны настаўнік Т.А. Шаўрук), гімназіі № 174 (суправаджальны настаўнік С.М. Барлюгова). Школьнікі (20 чалавек) з вялікай цікавасцю прынялі ўдзел у студэнцкім форуме. Удзельнікаў фестывалю прывітала намеснік дэкана філалагічнага факультэта Т.У. Мальцэвіч.
Першымі на фестывальную сцэну выйшлі студэнты-багемісты: першакурснікі выканалі па-чэшску песню, а студэнтка 4 курса прадставіла прэзентацыю «Калядныя традыцыі Чэхіі» (дацэнт Н.В. Івашына, ст. выкл. П.А. Рааго). Магістранты з Кітая Дын Нін і Сунь Ціндзэ выканалі несмяротныя радкі паэмы «Новая Зямля» Я. Коласа і запрасілі беларускіх студэнтаў і школьнікаў у падарожжа ў Паднябесную, паказаўшы міні-фільм пра Кітай. Кранальна прагучалі словы Сунь Ціндзэ перад праглядам роліка: "А вось гэта МОЙ родны кут". Фестывальную эстафету падхапілі студэнты-паланісты, якія выканалі калядкі па-польску і расказалі пра польскія культурныя традыцыі . Бушкова Паліна прадставіла прэзентацыю "Польская мова ў свеце" пры ўдзеле ст. выкл. М.А. Фамянковай. Гульню-квест прапанавалі студэнты славацкай філалогіі, яе правяла студэнтка 3 курса Ева Антонава, затым студэнты з запалам выканалі песню на славацкай мове (пры ўдзеле ст. выкл. П.А. Рааго). Такая форма падачы культурнага матэрыялу асабліва спадабалася прысутным школьнікам. Авацыямі гледачы сустрэлі жартоўную лекцыю дацэнта А.М. Калюты "Тату: семантыка і сацыялінгвістычны аспект". Студэнты сербскай філалогіі (пры ўдзеле дацэнта А.У. Навумавай) расказалі пра Сербію ў асобах, пра вядомых дзеячаў спорту, навукі, тэхнікі, мастацтва сербскага паходжання. І, вядома, не абышлося без меладычнай сербскай песні. Завяршалі свята студэнты 4 курса балгарскай філалогіі. Яны з захапленнем расказалі пра зімовыя святы Балгарыі, спявалі, дэкламавалі вершы па-балгарску і па-руску. А дацэнт К.І. Іваноў дырыжыраваў выкананнем вясёлых балгарскіх песень, якім падпявала ўся зала.
Свята скончылася, а студэнты і школьнікі не спяшаліся разыходзіцца. Яны дзяліліся ўражаннямі ад убачанага, дзякавалі арганізатарам за правядзенне цудоўнага мерапрыемства, якое дапамагло ім зарыентавацца ў разнастайнасці славянскіх моў. Школьнікаў пазнаёмілі з экспазіцыяй польскай аўдыторыі ім. К.М. Гюлумянц, ім уручылі памятныя падарункі. Усе сфатаграфаваліся на памяць.
Фестываль з'яўляецца працягам і развіццём традыцый легендарнага фармату "Славянскага вечара". Мерапрыемства ў форме фестывалю ўжо другі раз праходзіць па ініцыятыве загадчыка кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства А.А. Барковіча. Вялікая работа па арганізацыі і правядзенні мерапрыемства была праведзена старшым выкладчыкам кафедры М.А. Фамянковай, яна ж выступіла ў ролі яркай вядучай "Фестывалю". "Фестываль славянскіх моў-2024" адбыўся дзякуючы актыўнаму ўдзелу студэнтаў "Славянскай філалогіі". Кафедра тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства запрашае зацікаўленых выкладчыкаў і студэнтаў усіх спецыяльнасцей БДУ, а таксама нашых патэнцыйных абітурыентаў прыняць удзел у падрыхтоўцы чарговага "Фестывалю славянскіх моў" у наступным 2025 годзе.




BY

