10 верасня 2026 года на філалагічным факультэце БДУ адбыўся форум «Фальклор, час і мы», прысвечаны вынікам летняй фальклорнай практыкі. Традыцыйна арганізатарамі мерапрыемства выступілі кафедра тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства і вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору. Форум прайшоў у анлайн-фармаце.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты спецыяльнасцей «Беларуская філалогія», «Руская філалогія» і «Славянская філалогія». Усяго да работы форуму далучыліся 67 чалавек, у тым ліку 8 замежных студэнтаў спецыяльнасці «руская філалогія».
Удзельнікі прадставілі даклады, падрыхтаваныя на аснове матэрыялаў летняй практыкі пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук, прафесара Ірыны Казаковай, кандыдатаў філалагічных навук, дацэнтаў Таццяны Марозавай, Вольгі Прыемка, Таццяны Лук’янавай, Ірыны Шматковай, Ганны Мятліцкай і загадчыка вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Веры Дзянісенка.
Выступленні студэнтаў былі размешчаны ў электронных папках, названых прозвішчамі навуковых кіраўнікоў. Усе жадаючыя маглі азнаёміцца з прадстаўленымі матэрыяламі і пакінуць свае каментарыі. Гэта дазволіла ўдзельнікам абмеркаваць вынікі даследаванняў, падзяліцца ўражаннямі ад практыкі і атрымаць зваротную сувязь ад выкладчыкаў і калег.
Форум паказаў, што летняя фальклорная практыка стала для студэнтаў важнай часткай прафесійнага станаўлення. Праца з фальклорнымі матэрыяламі дапамагла ім развіць навыкі зносін, пашырыць уяўленні пра культурныя традыцыі розных рэгіёнаў, па-новаму зірнуць на гісторыю сваёй малой радзімы і набыць важны вопыт непасрэднага судакранання з жывой культурай.




BY 
