27 красавіка 2022 года на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта быў праведзены круглы стол «Каму і навошта патрэбна фальклорная практыка?». Мэтай правядзення стала матывацыя студэнтаў-першакурснікаў спецыяльнасці «Славянская філалогія» на збіранне фальклору. У адпаведнасці з новым тыпавым вучэбным планам 2021 года студэнты-славісты на 1 курсе ў летні перыяд павінны праходзіць азнаямляльную вучэбную практыку.
Арганізатарамі выступілі кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства і вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору філалагічнага факультэта БДУ. У працы кругалага стала ўзялі ўдзел фалькларысты кафедры і лабараторыі, студэнты спецыяльнасці «Славянская філалогія», замежныя магістранты спецыяльнасці «Літаратуразнаўства».
Пасяджэнне круглага стала складалася з двюх частак. Першая мела практычна-пошукавы характар. Загадчык кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства, дацэнт Таццяна Марозава прапанавала прысутным не традыцыйны даклад па заяўленай у назве круглага стала праблеме, а гутарку з эўрыстычнымі заданнямі. Яны прадстаўлялі сабой змадэляваныя сітуацыі, якія цалкам былі зарыентаваны на ўласны вопыт студэнтаў, звязаны з фальклорам, а таксама на разуменне сувязі паміж такімі паняццямі, як гістарычныя карані, нацыянальная ідэнтычнасць, менталітэт, нацыянальны характар, традыцыі – з аднаго боку, і фальклор – з другога. Так была акцэнтавана ўвага на вузлавых момантах пастаўленай праблемы «Каму і навошта патрэбна фальклорная практыка?». Вынікам такога дыялогу стала ўсведамленне студэнтамі важнасці і актуальнасці збіральніцкай працы як для будучых спецыялістаў-філолагаў, так і для грамадства ў цэлым.
Другая частка мела азнаямляльна-пабуджальны характар. Загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзенісенка паведаміла студэнтам пра структуру Фонда фальклорных матэрыялаў, у якім захоўваюцца справаздачы студэнтаў па выніках фальклорнай практыкі, і асаблівасці працы ў ім. Асобная ўвага была звернута на перспектывы далейшай навуковай работы з выкарыстаннем зробленых падчас фальклорнай практыкі запісаў, на магчымасці публікацый і напісання работ рознага ўзроўню – ад курсавой да кандыдацкай. У якасці прыкладу яна прадэманстравала апошні, 16 выпуск зборніка навуковых артыкулаў «Фалькларыстычныя даследаванні: Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі», у якім у спецыяльным раздзеле «Вынікі рэгіянальных даследаванняў» прадстаўлены артыкул студэнта філалагічнага факультэта БДУ спецыяльнасці «Руская філалогія» Дзмітрыя Судніка з аналізам вынікаў уласнай фальклорнай практыкі, пройдзенай ім у 2021 годзе.
Вынікам правядзення мерапрыемства стала абуджэнне цікавасці студэнтаў-славістаў да фальклору і збіральніцкай дзейнасці, усведамленне імі каштоўнасці ўласнага ўнёску ў справу захавання і папулярызацыі нацыянальнай фальклорнай спадчыны.