VIVAT, RAGOJSHA! VIVAT, PROFESSOR!

10 чэрвеня 2022 г. на базе філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшоў Рэспубліканскі навукова-практычны семінар «В. П. Рагойша – педагог, вучоны, пісьменнік», прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння і 55-годдзю навукова-педагагічнай дзейнасці выдатнага беларускага вучонага, педагога, грамадскага дзеяча, пісьменніка Вячаслава Пятровіча Рагойшы.

На ўдзел у семінары падалі заяўкі 35 чалавек – настаўнікі і дырэктары школ, выкладчыкі Беларускага дзяжаўнага ўніверсітэта, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, Сумскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А. С. Макаранкі, Тбіліскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І. Джавахішвілі, Варшаўскага ўніверсітэта, супрацоўнікі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, маладыя даследчыкі з Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літатаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Урачыстае адкрыццё семінара вёў дэкан філалагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Сяргей Важнік. Ён адзначыў значнасць асобы Вячаслава Рагойшы для факультэта і ўсяго ўніверсітэта, зарыентаваў прысутных на знаёмства з багатай спадчынай юбіляра і ўручыў Вячаславу Рагойшу памятныя падарункі ад кіраўніцтва БДУ і Ганаровую грамату ВАКа Рэспублікі Беларусь за шмагадовую плённую працу па падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі.

На ўрачыстым адкрыцці з прывітальнымі словамі выступілі калегі, школьныя, студэнцкія і аспіранцкія сябры і вучні юбіляра: дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Саверчанка, доктар філалагічных навук, прафесар; школьны сябра Уладзімір Капуста, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, генеральны дырэктар Беларускай асацыяцыі экспертаў па транспарце; аднакурсніца Таццяна Сакалова, настаўніца вышэйшай катэгорыі, аспіранцкі сябра Пётр Рогач, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт; вучні Іван Штэйнер, загадчык кафедры беларускай літаратуры ГДУ імя Ф. Скарыны, доктар філалагічных навук, прафесар; Анатоль Бутэвіч, член Нацыянальнай камісіі РБ па справах ЮНЕСКА, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры; калегі Таццяна Шамякіна, прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар; Ірына Мішчанчук, загадчык кафедры беларускай і замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДПУ імя М. Танка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, якая зачытала віншавальны адрас ад імя супрацоўнікаў філалагічнага факультэта БДПУ імя М. Танка; Таццяна Камароўская, прафесар кафедры беларускай і замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДПУ імя М. Танка, доктар філалагічных навук, прафесар.

Даклады былі размеркаваны па трох секцыях: секцыя 1 «Роля прафесара В. П. Рагойшы ў развіцці вышэйшай і сярэдняй адукацыі» (старшыня – прафесар І. Ф. Штэйнер, загадчык кафедры беларускай літаратуры філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны, доктар філалагічных навук), секцыя 2 «Актуальныя праблемы літаратуразнаўства ў кантэксце навуковых даследаванняў В. П. Рагойшы» (старшыня – прафесар Т. Я. Камароўская, прафесар кафедры беларускай і замежнай літаратуры філалагічнага факультэта БДПУ імя М. Танка, доктар філалагічных навук), секцыя 3 «В. П. Рагойша як крытык, публіцыст, перакладчык, паэт» (старшыня – прафесар Л. Д. Сінькова, прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ, доктар філалагічных навук).

Вынікам праведзенага семінара стане выданне зборніка навуковых прац, прысвечанага 80-годдзю з дня нараджэння і 55-годдзю навукова-педагагічнай дзейнасці прафесара Вячаслава Пятровіча Рагойшы, што будзе спрыяць далейшаму развіццю айчыннага літаратуразнаўства і натхняць маладых даследчыкаў на вывучэнне шмаграннай дзейнасці В. П. Рагойшы. Агучаныя на семінары даклады сведчаць аб тым, што ў бедарускай гуманітарыстыцы фарміруецца новы перспектыўны напрамак – рагойшазнаўства.

DSC 9531

DSC 9546

DSC 9563

DSC 9597

DSC 9600

DSC 9624

DSC 9630

DSC 9683

DSC 9721

DSC 9766

DSC 9788

Image

Ресурсы

Image
Image