Сэрвісы

Году беларускай жанчыны прысвячаецца

Году беларускай жанчыны прысвячаецца

21 студзеня 2026 г. на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшла прэзентацыя выставы “Навуковыя працы жанчын-вучоных кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства”, прысвечаная году беларускай жанчыны.

У прэзентацыі ўзялі ўдзел выкладчыцы і аспіранткі кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства, супрацоўніцы вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору. Падрыхтавалі выставу спецыялісты аддзела абслугоўвання залы інфармацыйных рэсурсаў філалагічнага і эканамічнага факультэтаў БДУ пад кіраўніцтвам загадчыцы Хрысціны Палянскай.

Вяла прэзентацыю загадчык кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства, дацэнт Таццяна Марозава. Яна пазнаёміла прысутных з кнігамі, прадстаўленымі на выставе, асобна спыніўшыся на творчым набытку прафесараў Людмілы Сіньковай, Ірыны Казаковай, дацэнтаў Лады Алейнік, Алены Вострыкавай, Вольгі Прыемка, Таццяны Лук’янавай, Ірыны Шматковай, Славяны Шамякінай, старшых выкладчыкаў Святланы Крыловай, Веры Дзянісенка. Таццяна Марозава адзначыла, што сённяшнія дасягненні выкладчыц кафедры з’яўляюцца плённым працягам тых навуковых напрамкаў, якія запачаткаваліся ва ўлонні былых трох кафедр – тэорыі літаратуры, славянскіх літаратур і гісторыі беларускай літаратуры. Яна ўзгадала пра трох выдатных навукоўцаў-жанчын, чые працы сталі творчай спадчынай не толькі аб’яднанай кафедры, але і факультэта, і ўніверсітэта, – прафесара Таццяну Шамякіну, дацэнтаў Таццяну Кабржыцкую, Рыму Кавалёву. А таксама аздзначыла напрамкі науковых даследванняў былых супрацоўніц кафедры тэорыі літаратуры – старшага выкладчыка Ізольды Ківель, дацэнтаў Алены Кісялёвай, Паліны Ткачовай – і кафедры славянскіх літаратур – дацэнта Эллы Дзюкавай.

Прафесар Людміла Сінькова расказала пра “жаночую” гісторыю кафедры беларускай літаратуры, узгадаўшы пра жанчын-загадчыц (Вольга Казлова, Таццяна Шамякіна, Людміла Сінькова, Таццяна Казакова) і жанчын-выкладчыц (Маргарыта Яфімава, Аліса Шыловіч, Дзіяна Багрова, Валянціна Лашкевіч, Любоў Тарасюк, Людміла Карпава, Любоў Ламека, Жанна Некрашэвіч-Кароткая, Таццяна Бельская, Ірына Багдановіч).

Напрыканцы ўсе прысутныя жанчыны-вучоныя кафедры прынялі ўдзел у латэрэі – вынімалі з кошыка запіскі і адказвалі на пытанні, сярод якіх былі наступныя: ці памятаеце вы пра сваю першую публікацыю? з чаго вы пачынаеце падрыхтоўку новай працы? якую публікацыю вы лічыце самай важнай ў вашай творчай спадчыне і чаму? як да вас прыходзіць натхненне? над якой публікацыяй вы працуеце цяпер?

Кніжная выстава “Навуковыя працы жанчын-вучоных кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства” будзе працаваць да 26 студзеня (панядзелак) 2026 года ў зале інфармацыйных рэсурсаў філалагічнага і эканамічнага факультэтаў БДУ (аўд. 72). Запрашаем усіх зацікаўленых!

IMGt94832026_1.jpg

IMGt94832026_2.jpg

IMGt94832026_3.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.