17.02.2025 – Праект “Гучы, мая родная мова!”
Студэнты 2 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” сталі ўдзельнікамі творчага праекта “Гучы, мая родная мова!”. Яны прадставілі прэзентацыі “Гісторыя святкавання Міжнароднага дня роднай мовы”, “Безэквівалентная лексіка”, а таксама відэапрэзентацыю “Размаўляй па-беларуску”, прачыталі ўласныя вершы. Неад’емнай часткай творчага праекта сталі створаныя студэнтамі інтэрактыўныя пазнавальна-забаўляльныя гульні “Марафон-дыктоўка”, “Цвяток радзімы васілька”, “Беларускамоўны квіз”, крыжаванкі, рэбусы, віктарыны, прысвечаныя розным аспектам беларускай мовы. Мерапрыемства арганізавала і правяла дацэнт С.М.Якуба.


18.02.25 – Прэзентацыя кнігі В.М.Курцовай “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак. Аналітычныя даведачна-інфармацыйныя матэрыялы”
Студэнты 1 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” разам з дацэнтам Н.У.Чарнаброўкінай наведалі прэзентацыю кнігі “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак. Аналітычныя і даведачна-інфармацыйныя матэрыялы”, укладальнікам якой з’яўляецца В.М.Курцова – загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі ў Інстытуце мовы і літаратуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Сустрэча адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У ходзе мерапрыемства студэнты атрымалі магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй стварэння “Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак”, яго ўкладальнікамі – лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, а таксама з новымі даследаваннямі ў галіне дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі.

18.02.2025 – Праект “Жывое ў вяках беларускае слова…”
Студэнты 14 групы 2 курса спецыяльнасці “Славянская філалогія” прэзентавалі творчы праект “Жывое ў вяках беларускае слова…”. Удзельнікі звярнуліся да фактаў з гісторыі святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, прадставілі прэзентацыю “Беларуская мова ў сям’і славянскіх моў”, прынялі ўдзел у разгадванні інтэрактыўнай крыжаванкі “Беларускія пісьменнікі”, у самастойна падрыхтаваным квізе “Свая гульня” (“Славянскі пак”), прадэкламавалі творы беларускіх класікаў, прысвечаныя роднай мове. Ініцыятарам мерапрыемства выступіла дацэнт С.М.Якуба.


18.02.2025 – Прэзентацыя вучэбнага выдання “Сучасная беларуская мова. Хрэстаматыя: у 2-х ч.”
Студэнцкай аўдыторыі быў прадстаўлены новы вучэбны дапаможнік “Сучасная беларуская мова. Хрэстаматыя: у 2-х ч.”, падрыхтаваны выкладчыкамі кафедры беларускага мовазнаўства А.Л.Садоўскай, А.А.Радзевічам, Г.К.Чахоўскім, Т.Л.Чахоўскай, С.М.Якуба, Ю.В.Назаранка. З аналізам зместу новага выдання, яго тэарэтычнай і практычнай вартасці для педагагічнага працэсу і пашырэння навуковага кругагляду студэнтаў выступілі дацэнты А.Л.Садоўская, Г.К.Чахоўскі, старшы выкладчык А.А.Радзевіч. Сваім вопытам выкарыстання новай хрэстаматыі ў вучэбным працэсе падзяліліся і прысутныя студэнты. Гасцямі мерапрыемства сталі супрацоўнікі аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі К.Д.Ганчарэнка, В.І.Уласевіч, а таксама дацэнт І.Л.Бурак. Шаноўныя госці распавялі пра функцыянаванне слова ў сучасным маўленні і спецыфіку яго замацавання і прадстаўленасці ў новых слоўніках, а таксама з задавальненнем адказалі на пытанні зацікаўленай аўдыторыі. К.Д.Ганчарэнка таксама прадставіла выданні аддзела сучаснай беларускай мовы, якія выйшлі ў 2022–2024 гг.: “Граматычны слоўнік назоўніка”, “Граматычны слоўнік дзеяслова”, “Жыццёвы лёс Браніслава Тарашкевіча” і інш. В.І.Уласевіч пазнаёміла студэнтаў і выкладчыкаў са “Слоўнікам новых запазычаных слоў беларускай мовы”, складзены ёю сумесна з Н.М.Даўгулевіч, які выйшаў з друку ў канцы 2023 г.





18.02.2025 – Прэзентацыя вучэбнага дапаможніка Н.В.Яфімавай “Сучасная беларуская мова: асаблівасці гетэрагеннага гарадскога маўлення”
18 лютага 2025 г. адбылася прэзентацыя дапаможніка дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства Н.В.Яфімавай “Сучасная беларуская мова: асаблівасці гетэрагеннага гарадскога маўлення” (Мінск: БДУ, 2024). Студэнты 3 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія”, супрацоўнікі кафедры і ўсе зацікаўленыя даведаліся пра гісторыю напісання кнігі, якая адлюстроўвае вынікі дысертацыйнай працы Наталлі Васілеўны. Матэрыялам для аналізу паслужылі запісы вуснага маўлення членаў сям’і Н.В.Яфімавай і іх блізкіх сяброў, якія яна пачала збіраць яшчэ на другім курсе ўніверсітэта. Прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з этапамі правядзення палявога даследавання, асаблівасцямі распрацоўкі і прымянення новай для беларускага мовазнаўства методыкі аналізу неаднароднага вуснага маўлення беларусаў. Наталля Васілеўна падзялілася ўражаннямі ад праведзенага даследавання, складанасцямі і навуковымі адкрыццямі, якія суправаджалі яго розныя этапы. Перад аўдыторыяй выступіў навуковы кіраўнік дысертацыйнай працы Н.В.Яфімавай кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства С.М.Запрудскі. Ён звярнуў увагу на некаторыя метадалагічныя аспекты даследавання, падкрэсліў актуальнасць і каштоўнасць падобных мовазнаўчых праектаў.
Гаворачы пра далейшы лёс выдання, Н.В.Яфімава адзначыла, што хацела б, каб дзякуючы яму даследчыкі беларускай мовы звярнулі ўвагу на новую методыку вывучэння сучаснага вуснага маўлення беларусаў, а студэнты-філолагі зацікавіліся адпаведнай тэмай і, магчыма, праводзілі падобныя даследаванні ў розных рэгіёнах нашай краіны.


19.02.2025 – Турнір-віктарына “Пуцяводнае слова”
Студэнты 1 курса спецыяльнасці “Славянская філалогія” пад кіраўніцтвам дацэнта А.Л.Садоўскай зладзілі турнір-віктарыну “Пуцяводнае слова”. У ходзе інтэлектуальнага спаборніцтва студэнты выявілі сваю падрыхтаванасць у шасці намінацыях: “Фанетыка”, “Лексікалогія”, “Фразеалогія”, “Прыказкі і прымаўкі”, “Гісторыя беларускай мовы” і “Рознае” (займальныя пытанні і заданні з розных галін мовазнаўства). Віктарына патрабавала ад удзельнікаў здольнасці да імправізацыі і хуткіх адказаў, шырокага кругагляду і эрудыцыі, якія яны з імпэтам праявілі.

19.02.2025 – Навуковыя чытанні, прысвечаныя 95-годдзю з дня нараджэння прафесара Леаніда Іванавіча Бурака
Камерна, з цёлымі ўспамінамі пра былога настаўніка і калегу прайшлі навуковыя чытанні, прысвечаныя 95-годдзю з дня нараджэння прафесара Л.І.Бурака. Старшы выкладчык А.А.Радзевіч паведаміў прысутным пра акалічнасці стварэння дапаможніка Леаніда Іванавіча па сінтаксісе, правёў яго аналіз як вучэбнага і навуковага выдання, а прафесар М.Р.Прыгодзіч падзяліўся ўласнымі назіраннямі і ўспамінамі з прафесійнага жыцця.

19.02.2025 – Навукова-прафарыентацыйная сустрэча з супрацоўнікамі аддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
У госці да студэнтаў філалагічнага факультэта, якія вучацца на розных спецыяльнасцях, з мэтай пазнаёміць іх з напрамкамі і вынікамі сваёй работы прыйшлі супрацоўнікі аднаго з аддзелаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Пра аддзел славістыкі і тэорыі мовы расказала яго загадчык Таццяна Мікалаеўна Аліферчык, сектар этналінгвістыкі і фальклору прадставіла загадчык Алена Міхайлаўна Боганева, старшы навуковы супрацоўнік сектара этналінгвістыкі і фальклору Ганна Віктараўна Алексяевіч, колішняя выпускніца філалагічнага факультэта, паведаміла пра асблівасці сваёй работы з тэкстам Вісліцкага статута і падзялілася парадамі адносна працы ў архівах, а старшы навуковы супрацоўнік сектара ўсходазнаўства Ірына Анатольеўна Сынкова распавяла пра рукапісы беларускіх татараў – кітабы. Варта адзначыць, што сустрэча прайшла ў вельмі прыязнай атмасферы, была жывой і непасрэднай.



20.02.2025 – Інтэлектуальна-пазнавальная гульня “Філалогія і Я”
20 лютага на філалагічным факультэце прайшло адно з самых яркіх мерапрыемстваў Тыдня роднай мовы – інтэлектуальна-забаўляльная гульня “Філалогія і Я”, у якой прынялі ўдзел студэнты-першакурснікі спецыяльнасцей “Беларуская філалогія” і “Руская філалогія”. Студэнты праверылі свае веды ў мовазнаўстве і літаратуразнаўстве, а таксама прадэманстравалі творчыя здольнасці. Перамогу атрымалі студэнты спецыяльнасці “Беларуская філалогія”. З вітальным словам да ўдзельнікаў гульні звярнуўся вядомы мовазнаўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, педагог, дактарант кафедры беларускага мовазнаўства, распрацоўшчык алімпіядных заданняў для школьнікаў Уладзімір Іванавіч Куліковіч.

21.02.2025 – Прэзентацыя віншавальных паштовак “Цёплыя словы пра Радзіму, подзвіг і мужных абаронцаў Беларусі”
Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь студэнты 1 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” пад кіраўніцтвам дацэнта А.Л.Садоўскай зладзілі прэзентацыю віншавальных паштовак на беларускай мове. У шчырых вершаваных і празаічных мініяцюрах і яркіх малюнках дзяўчаты-студэнткі перадалі сваё бачанне ролі абаронцаў Айчыны ў жыцці беларускага грамадства. Былі падрыхтаваны і адрасныя паштоўкі бацькам і мужчынам-выкладчыкам філалагічнага факультэта.

21.02.2025 – “Беларускае пісьмо: імправізаваныя тэатральныя сцэны паводле Несцеркі, або Філалагічны дыспут у схаластычных тонах”
У гэты дзень у сценах філалагічнага факультэта разгнарнулася арыгінальнае сцэнічнай дзеянне – адбылася пастаноўка п’ескі-бурлескі ў шасці дзеях з інтрадукцыяй і адкрытым фіналам. З апорай на вядомую нібыта навуковую дыскусію ў п’есе “Несцерка” Віталя Вольскага ў п’есцы, з ігнараваннем з мастацкімі мэтамі некаторых гістарычных рэалій, былі ўзноўлены фрагменты схаластычных сярэдневяковых дыскусій, пададзеных як своеасаблівае тэатральнае дзейства. Для ўдзельнікаў імправізаванага дыспуту XVIІ ст., напрыклад, было зусім прымальным высвятляць у вядоўцы дыспуту, ці падчас спаборніцтва ім было дазволена карыстацца Гуглам ці чатам GPT. Галоўныя героі бурлескі – Грышка-шкаляр і Акадэмік – спаборнічалі ва ўменні паспяхова рэпрэзэнтаваць сябе, скланяць лічэбнікі і назоўнікі, правільна пісаць словы. Персанажы як рапірамі жанглявалі прыказкамі, задавалі адзін аднаму хітрамудрыя пытанні і спрабавалі адказаць на фундаментальнае пытанне эпохі: трэба пісаць слова “філалогія” як “філёлёгія” ці як “хвілалогія”. Ролю Грышкі-шкаляра выканаў студэнт 2 курса гістарычнага факультэта Алесь Хацкевіч. Ролю Акадэміка выканаў дацэнт Сяргей Запрудскі. Кіраваў ходам дыскусіі, падобна да п’есы “Несцерка”, справядлівы Суддзя, які, аднак, іншым разам быў падкі на хваласпевы. Ролю Суддзі выканаў студэнт 2 курса гістарычнага факультэта Георгій Смірноў. Агульную хаду п’ескі накіроўваў Маршал-скараход (выканаў студэнт 3 курса філалагічнага факультэта Аляксей Цагельнік). Не засталіся без работы і гледачы, студэнты ўсходняга і славянскага аддзяленняў філалагічнага факультэта. З імпэтам і філігранным майстэрствам яны выканалі ролі “публікі, жанок, дзяцей, кароў, коней, гавечак, сабак, індыкоў, пеўняў і курэй”. Асаблівы энтузіязм студэнтаў усходняга аддзялення выклікала тая акалічнасць, што Акадэмік вучыўся ў Кітайскай акадэміі. Студэнтаў славянскага аддзялення парадавала тое, што Акадэмік быў навучэнцамі і ў міфічнай Шчэбжэшынскай акадэміі. Гэтыя акалічнасці, аднак, мала дапамаглі Акадэміку ў спаборніцтве. Кіраўнік тэатральнага антрэпрызнага калектыва дацэнт С.Запрудскі зрабіў гістарычны і тэксталагічны каментарый да пастаўленага дзейства. У другой частцы імпрэзы дактарант кафедры беларускага мовазнаўства У.Куліковіч прапанаваў аўдыторыі пытанні, звязаныя з гісторыяй беларускай графікі, на якія студэнты з задавальненнем адказвалі.




21.02.2025 – “Беларускае пісьмо: імправізаваныя тэатральныя сцэны, або Філалагічны дыспут у схаластычных тонах” (Працяг)
Своеасаблівым працягам папярэдняга сцэнічнага дзеяння “Беларускае пісьмо: імправізаваныя тэатральныя сцэны паводле Несцеркі, або Філалагічны дыспут у схаластычных тонах” стала яшчэ адно мерапрыемства, зладжанае для студэнтаў 2 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” дактарантам кафедры беларускага мовазнаўства У.І.Куліковічам і дацэнтам М.І.Свістуновай. Гарачыя дэбаты адносна неабходнасці ўсталявання помнікаў літарам або адносін да арфаграфічных памылак у любоўнай запісцы і да т.п. завяршыліся экспрэсіўным калектыўным выкананнем песень “Ты ж мяне падманула” і інш. пад акампанемент Уладзіміра Іванавіча.

Храналогія мерапрыемстваў кафедры беларускага мовазнаўства на розных факультэтах БДУ
17–21.02.2025 – Конкурс WWW.КАФЕДРА для студэнтаў спецыяльнасці “Графічны дызайн і мультымедыядызайн” факультэта сацыякультурных камунікацый правяла дацэнт М.І.Свістунова (сумесна з куратарамі акадэмічных груп ФСК). Вынікам конкурсу сталі лагатып кафедры беларускага мовазнаўства і новае афармленне старонкі кафедры ў сацыяльнай сетцы. Удзельнікам будуць уручаны памятныя падарункі.

17.02.2025 – Прафесар М.Р.Прыгодзіч правёў дзве лекцыі-гутаркі “Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць” для студэнтаў юрыдычнага факультэта і факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі.

20.02.2025 – Студэнты 1 курса спецыяльнасці “Прыкладная інфарматыка” факультэта сацыякультурных камунікацый аформілі калаж з безэквівалентных лексем беларускай мовы – “Словы родныя люблю я”. Арганізавала і правяла мерапрыемства дацэнт М.І.Свістунова.

20.02.2025 – Гутарку-прэзентацыю “Мова – духоўны скарб народа” на 1 курсе аддзялення “Усходазнаÿства” факультэта міжнародных адносін правяла дацэнт М.К.Чаеўская.

20.02.2025 – Студэнты 3 курса механіка-матэматычнага факультэта спецыяльнасці “Камп’ютарная матэматыка і сістэмны аналіз” разам са старшым выкладчыкам А.М.Муравіцкай наведалі выставу “Шануйце, любіце родную мову”, прымеркаваную да Міжнароднага дня роднай мовы. Выстава падрыхтавана супрацоўнікамі Фундаментальнай бібліятэкі БДУ.

20.02.2025 – Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы на факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі старшым выкладчыкам А.А.Радзевічам быў праведзены конкурс выразнага чытання, прымеркаваны да 90-годдзя з дня нараджэння Народнага паэта Беларусі Рыгора Іванавіча Барадуліна. Студэнты падрыхтавалі прэзентацыі, прысвечаныя жыццю і творчасці паэта. Пасля чытання вершаў першакурснікі выказаліся аб іх успрыманні паэзіі Барадуліна, своеасаблівасці, жанравай спецыфіцы, філасофіі, духоўнай глыбіні, унікальнасці мовы. Завяршэннем паэтычнага мерапрыемства стаў прагляд дакументальнага фільма з серыі “Святло далёкай зоркі”, прысвечанай біяграфіі Рыгора Барадуліна, станаўленню паэта, яго пошукам сэнсу жыцця, асаблівасцям паэтычнага светаўспрымання.


21.02.2025 – Творчая віктарына “Люблю родную мову”, арганізаваная дацэнтам Т.Л.Чахоўскай, прайшла для студэнтаў 2 курса спецыяльнасці “Біятэхналогія” біялагічнага факультэта.

21.02.2025 – Лінгвістычная гульня “Сваімі словамі” для студэнтаў 1 курса спецыяльнасці “Правазнаўства” юрыдычнага факультэта арганізавана дацэнтам Н.У.Чарнаброўкінай. Перамаглі студэнты другой групы 1 курса, якія прадэманстравалі найлепшыя веды ў галіне беларускай мовы і літаратуры.

21.02.2025 – У межах лекцыі “Культура маўлення” для студэнтаў 1 курса спецыяльнасці “Міжнародная лагістыка” факультэта міжнародных адносін адбылася прэзентацыя “Багацце і выразнасць беларускай літаратурнай мовы”, падрыхтаваная дацэнтам М.К.Чаеўскай. Пры разглядзе асноўных якасцей «добрага маўлення» падрабязна ахарактарызаваны багацце і выразнасць. У дзень свята Роднай мовы асабліва актуальна прагучалі словы пра назапашаныя беларускай мовай скарбы, якія дазваляюць ярка, самабытна і вельмі прыгожа выразіць сябе.
21.02.2025 – Лекцыю-гутарку “Беларуская мова ў прасторы і часе” правяла для студэнтаў 3 курса спецыяльнасці “Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі” механіка-матэматычнага факультэта старшы выкладчык А.М.Муравіцкая. У лекцыі разглядаліся этапы станаўлення і развіцця беларускай мовы, вызначалася месца беларускай мовы сярод іншых моў свету, прасочвалася гісторыя яе фарміравання ад старажытнасці да нашых дзён
21.02.2025 – Студэнты 3 курса механіка-матэматычнага факультэта спецыяльнасцей “Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі”, “Механіка і матэматычнае мадэляванне” разам са старшым выкладчыкам А.М.Муравіцкай наведалі выставу “Ад літары да слова. Ад слова да мовы”, якая праходзіць у студэнцкай чытальнай зале Фундаментальнай бібліятэкі БДУ і прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы.
22.02.2025 – Гутарка-прэзентацыя, прысвечаная Дню роднай мовы, для студэнтаў 1 курса розных спецыяльнасцей факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій праведзена дацэнтам М.І.Свістуновай.

Мерапрыемства за межамі БДУ: Гутарка з супрацоўнікамі Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электрасувязі “Белтэлекам”, прысвечаная Дню роднай мовы
20 лютага 2025 года ў РУП “Белтэлекам” прайшоў адзіны дзень інфармавання па ключавой тэме “Вынікі пяцігодкі як аснова стратэгіі паспяховага развіцця нашай краіны”. Усе структурныя падраздзяленні далучыліся да мерапрыемства ў фармаце відэа-аўдыё-канферэнцыі.
У другой частцы мерапрыемства, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, адбылася гутарка з Аляксандрам Аляксандравічам Радзевічам, старшым выкладчыкам кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён падкрэсліў, як важна развіваць, захоўваць і папулярызаваць родную мову. Сустрэча прайшла ў форме адкрытага дыялогу, дзе ўсе прысутныя змаглі задаць пытанні, якія цікавяць, і атрымаць на іх вычарпальныя адказы.

Супрацоўнікі кафедры беларускага мовазнаўства, студэнты курыруемых груп на працягу тыдня выступілі ў СМІ
на радыё:
19.02.2025 – Канал “Першы нацыянальны” Беларускага радыё, “Сямейная праграма” – М.І.Свістунова

20.02.2025 – Канал “Культура” Беларускага радыё, праграма “ДНК” – Раман Марукін, Анастасія Сташкевіч, Чжан Хайфэн разам з намеснікам дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце В.П.Крычко

на тэлебачанні:
21.02.2025 – “Першы інфармацыйны канал”, Г.К.Чахоўскі, Соф’я Магілёўцава. Падрабязней на сайце news.by
21.02.2025 – АНТ, А.Л.Садоўская.. Падрабязней на афіцыйным Youtube-канале праграмы "Наше Утро" на тэлеканале АНТ


21.02.2025 – Дом прэсы, А.А.Радзевіч. Падрабязней
Круглы стол “Беларуская мова як інструмент фарміравання грамадзянскай ідэнтычнасці і культуры міжнацыянальнага дыялогу”
21 лютага ў рамках Міжнароднага дня роднай мовы ў Доме Прэсы быў арганізаваны круглы стол, дзе абмяркоўваліся праблемы грамадзянскай ідэнтычнасці, культуры міжнацыянальнага дыялогу і роля беларускай мовы як інструмента іх фарміравання. У круглым стале бралі удзел:
Ігар Лявонавіч Капылоў – дырэктар філіяла “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа” ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі”;
Навум Якаўлевіч Гальпяровіч – паэт, журналіст, публіцыст, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь;
Аляксей Іванавіч Чарота – намеснік дырэктара РВУ “Выдавецкі дом «Звязда»”, намеснік Старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва;
Аляксандр Аляксандравіч Радзевіч – старшы выкладчык кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.


у прэсе:
Газета “Звязда”
20.02.2025 – Круглы стол у рэдакцыі газеты “Звязда”, удзел бралі Г.І.Кулеш, Г.К.Чахоўскі. Падрабязней на сайце zviazda.by
Газета “СБ – Беларусь сегодня”
21.02.2025 – Г.К.Чахоўскі. Падрабязней на сайце sb.by
21.02.2025 – Інфармацыя пра мерапрыемства. Падрабязней на сайце sb.by
Пра візіт супрацоўнікаў аддзела славістыкі і тэорыі мовы змешчана інфармацыя на сайце Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі.


BY

